Дзень роднай мовы ў школе

21.02.2024

Словамі Уладзіміра Дубоўкі пачалася тэматычная хвілінка “21 лютага- Міжнародны дзень роднай мовы” ў ДУА “Дукорская сярэдняя школа”. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яно – люстэрка культуры і форма яе існавання, духоўнае аблічча і сутнасць чалавека. Аб гэтым і гаварылася ў вершы У.Дубоўкі “Родная мова”, які чытала вучаніца 8 класа Малахава Валерыя. Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. А вучні школы прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Знаўцы роднай мовы.” Лагічным працягам гэтых мерапрыемстваў стаў удзел вучняў у Рэспубліканскай дыктоўцы па беларускай мове, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
❤️Спадзяёмся на тое, што гэтыя мерапрыемствы пакінулі ва ўсіх часцінку дабрыні, любові да роднай мовы і кожны будзе старацца размаўляць па-беларуску, паважаць, аберагаць, шанаваць сваю мову. А словы Ф.Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” будуць своеасаблівым жыццёвым дэвізам для нас.